В Беларуси разработают дорожную карту по отмене смертной казни
Рабочая група Парламента па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання і Савет Еўропы распрацуюць сумесную дарожную карту.
Рабочая група Парламента па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання і Савет Еўропы распрацуюць сумесную дарожную карту.
Дакумент стане вынікам канферэнцыі «Грамадская думка і смяротнае пакаранне ў Беларусі», якая адбылася ўчора. У складанні дарожнай карты задзейнічаюць дзяржаўныя органы і СМІ. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі дэпутаты беларускага Парламента, прадстаўнікі Сакратарыята Савета Еўропы, дзяржаўных органаў, структур грамадзянскай супольнасці і экспертных колаў.
Для адмены смяротнага пакарання, па сцвярджэнні экспертаў Савета Еўропы, неабходная ў першую чаргу палітычная воля, але ў Беларусі для вырашэння гэтага пытання патрабуецца і падтрымка з боку грамадскасці. Рашэннем кіраўніцтва краіны ўвесці мараторый немагчыма, таму што на рэферэндуме 1996 года большая частка насельніцтва выказалася за смяротнае пакаранне.
«У рэспубліцы існуе рабочая група па абмеркаванні праблематыкі адмены смяротнага пакарання на чале з беларускімі парламентарыямі, і вельмі важна, каб яна займала дакладную пазіцыю на карысць адмены смяротнага пакарання – таго, да чаго беларуская дзяржава і павінна імкнуцца. Канешне, у вас ёсць свае метады, свае падыходы, і вам патрабуецца час для вырашэння гэтага пытання. У тым ліку на гэта і накіраваны дэбаты», – сказала ў размове з журналістамі Таццяна Тэрмачыч, кіраўнік Аддзела каардынацыі і міжнароднага супрацоўніцтва Генеральнага Дырэктарата па правах чалавека і вяршэнстве права.
«Я думаю, пасля ўсіх сустрэч, якія правялі, мы можам згадзіцца з тым, што палітычных перашкод да адмены смяротнага пакарання ў Беларусі не існуе. Апошнія 20 гадоў мелі месца станоўчыя тэндэнцыі», – упэўнена Таццяна Тэрмачыч.
Сярод іх – рэфармаванне Крымінальнага кодэкса, калі было ўведзена пажыццёвае зняволенне. Да гэтага максімальна магчымы тэрмін пазбаўлення волі, альтэрнатыўны смяротнаму пакаранню, складаў 20 гадоў. Да таго ж, Канстытуцыйны Cуд прыняў рашэнне, згодна з якім смяротны прысуд у канчатковым выніку павінен быць адменены, спасылаючыся на Еўрапейскую канвенцыю аб правах чалавека.
Пра тое, што органы ўлады Беларусі не маюць прынцыповых рознагалоссяў з Саветам Еўропы па перспектывах найвышэйшай меры пакарання, казаў і Андрэй Бушыла, начальнік Галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі Міністэрства замежных спраў.
«Нават у беларускай Канстытуцыі запісана, што смяротнае пакаранне прымяняецца як выключная мера да яго адмены. Рана ці позна мы прыйдзем да гэтай канстытуцыйна агаворанай сітуацыі. Пытанне толькі ў тым, якім чынам», – паведаміў прадстаўнік МЗС і падкрэсліў, што недапушчальна ператвараць пытанне аб адмене смяротнага пакарання ў інструмент націску ці прадмет палітычнага торгу.
Як паведаміў Аляксандр Маркевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, член рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання, які выкарыстоўваецца ў Рэспубліцы Беларусь, доля прыхільнікаў смяротнага пакарання паменшылася ў параўнанні з 1996 годам, але прафесійнае сацыялагічнае апытанне не праводзілася.
Адным з пунктаў Нацыянальнага плана па правах чалавека на 2016–2019 гады, зацверджанага Саўмінам, прадугледжана вывучэнне сусветных тэндэнцый па прымяненні смяротнага пакарання.
«Тэндэнцыі гэтыя не такія адназначныя, як можа здацца на першы погляд. З аднаго боку, колькасць краін свету, якія адмовіліся ад смяротнага пакарання, няўхільна расце. Па звестках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, амаль 160 краін не выкарыстоўваюць найвышэйшую меру пакарання. З другога боку, месяц таму Міністэрства юстыцыі Злучаных Штатаў Амерыкі заявіла аб аднаўленні практыкі прымянення смяротнага пакарання на федэральным узроўні. Нават у некаторых дзяржавах – удзельніцах Савета Еўропы гучаць заклікі палітыкаў, службовых асоб да аднаўлення смяротнага пакарання», – паведаміў Андрэй Наумовіч, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання, які выкарыстоўваецца ў Рэспубліцы Беларусь, член Пастаяннай камісіі Парламента па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.
Па словах Андрэя Наумовіча, калі пытанне аб мараторыі паставіць у Парламенце, вынікі таксама будуць неадназначныя. «Сярод маіх калег дастаткова шмат прыхільнікаў захавання найвышэйшай меры пакарання», – адзначыў дэпутат.
Андрэй Наумовіч заклікае набрацца цярпення і павольна, але ўпэўнена рухацца да адмены смяротнага пакарання, працуючы з грамадскай думкай.
Источник: pravo.by